Реферат: Гісторыка-мемуарная літаратура

Название: Гісторыка-мемуарная літаратура
Раздел: Рефераты по зарубежной литературе
Тип: реферат

Пры ўсёй сваёй грамадска-палітычнай значнасці і той велізарнай ролі, якую адыграла царкоўна-палемічная публіцыстыка ў нацыянальным і культурным жыцці беларускага і ўкраінскага народаў, яна з прычыны свайго функцыянальнага прызначэння не магла быць у поўнай меры выразніцай свецкіх інтарэсаў і запатрабаванняў грамадства. Вось чаму, калі ў другой палове XVI ст. традыцыйнае летапісанне па сутнасці спыніла сваё далейшае развіццё, на змену яму прыйшлі разнастайныя творы ў выглядзе гістарычных аглядаў, хранографаў, мемуараў, сінопсісаў, сямейных дзённікаў, у цэнтры ўвагі якіх былі пытанні гісторыі і яе развіцця на пэўных этапах дзяржаўнага і грамадскага жыцця народа. Істотнай рысай гэтых помнікаў свецкага пісьменства было тое, што ўсе яны ствараліся па свежых слядах падзей і выдзяляліся ўзросшай цікавасцю да асобы чалавека, яго запатрабаванняў, імкненняў і сацыяльнага быту.

У станаўленні гэтага роду літаратурнай творчасці, у фарміраванні яе жанравай структуры і формы выкладання гістарычных падзей пэўную ролю адыграла афіцыйна-дакументальная літаратура і ў прыватнасці пратаколы-дзённікі (дыярыушы) дзяржаўных сеймаў Рэчы Паспалітай, у якіх даволі ярка праявілася характэрная для таго часу тэндэнцыя да "алітаратурвання" дзелавых запісаў. Сеймавыя прамовы некаторых паслоў і сенатараў у гэтых дыярыушах чытаюцца як высокамастацкія творы. Яны вызначаюцца выразнай, сакавітай мовай і з'яўляюцца яркімі ўзорамі аратарскай красамоўнасці.

Наколькі вялікай была цяга да "алітаратурвання" дзелавога пісьменства, сведчыць перапіска аршанскага старасты Філона Сямёнавіча Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587) з членамі каралеўскай рады Вялікага княства Літоўскага. "Допісы" яго ўяўляюць сабой сакрзтныя данясенні аб пагранічным жыцці, ваенных справах і намерах рускага цара Івана Грознага. Важная і яшчэ адна акалічнасць. Кіруючыя колы Вялікага княства Літоўскага, скарыстаўшы тое, што Рэч Паспалітая апынулася ў паласе зацяжнога бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста (1572) і кароткачасовага знаходжання на польскім троне французскага прынца Генрыха Валуа (1574), пачалі весці сакрэтныя перагаворы з Масквою адносна магчымага вылучэння на польскі каралеўскі трон Івана Грознага або яго сына Фёдара. Сам Кміта-Чарнабыльскі непасрэднага ўдзелу ў гэтых перагаворах не прымаў, але пра ўсё добра ведаў і па абавязку дзяржаўнай службы паведамляў аб маскоўскіх справах у Вільню. Перапіска Кміты-Чарнабыльскага мае значную цікавасць і па змесце, і па форме. Аўтар "Допісаў" не проста паведамляў аб тых ці іншых фактах эканамічнага, палітычнага і дзяржаўнага жыцця Маскоўскай дзяржавы або Рэчы Паспалітай, а даваў ім сваю ацэнку. Дзелавую перапіску ён ажыўляў каларытнай бытавой лексікай, яркімі эпітэтамі і трапнымі параўнаннямі, прымаўкамі і прыказкамі, што надавала ёй эмацыянальную афарбоўку, мастацкую выразвасць: "Коли топили, топор давали, а выплывши - ни топорніца"; "Яко доробило лихо, прорежутся и зубы"; "Ожегшися на молоце, велено на воду дуть"; "И каши не хочу, и по воду не иду"; "Просто як овца: где их больш берет волк, там оне дальше за ним идут" і інш. Напісаныя ў апавядальным стылі жывой народнай мовай, некаторыя допісы Кміты-Чарнабыльскага выходзяць за рамкі дзелавых данясенняў і набліжаюцца да літаратурных твораў. Паколькі асобай Грознага цікавілася пэўная група сенатараў Вялікага княства Літоўскага, у "Допісах" яму ўдзелена галоўная ўвага. Аднак ні ў адным з іх Кміта-Чарнабыльскі не праявіў ні сімпатый, ні антыпатый да Грознага. Займаючы аб'ектывісцкую пазіцыю, ён тым не менш ва ўгоду сваім мецэнатам пісаў пра Грознага ў пазітыўным плане, схіляўся перад яго дзяржаўнай мудрасцю. Станоўчая характарыстыка рускага цара, шырока пададзеная ў допісе "Да Астафея Валовіча, кашталяна троцкага" ад 5 жніўня 1574 г., была невыпадковай. Яна несла пэўную сэнсавую нагрузку і мела пэўны палітычны падтэкст. Гэта быў своеасаблівы, удала абраны аўтарам тактычны прыём для палемікі з той часткай сенатараў, якія імкнуліся выбраць каралём Рэчы Паспалітай толькі прадстаўніка іншаземнай, да таго ж яшчэ і магутнай манархіі. Вось чаму Кміта-Чарнабыльскі наўмысна ідэалізуе Грознага, нават называе яго прадбачлівым біблейскім прарокам Авакумам, робіць цара рупарам сваіх ідэй.

Свае адмоўныя адносіны да негатыўных бакоў грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай Кміта-Чарнабыльскі выказваў пры дапамозе прыёму быццам бы шырока распаўсюджаных у Маскве "непрыемных чутак" з выпадку ўцёкаў на радзіму з каралеўскага трона Генрыха Валуа.

Пры аналізе падзей і фактаў грамадска-палітычнага жыцця перыяду бескаралеўя Кміта-Чарнабыльскі праяўляе выключную дасведчанасць, цвярозы розум, палітычную празорлівасць і талент апавядальніка і публіцыста. Паказальныя ў гэтых адносінах яго допісы ад 1 чэрвеня і 5 жніўня да канцлера Яўстафія Валовіча. Прасякнутыя пафасам выкрыцця закулісных махінацый кіруючых вярхоў Вялікага княства Літоўскага і яе ганебнай капітуляцыі перад дыктатам высакамернай польскай феадальнай знаці, яны набываюць характар вострапубліцыстычных артыкулаў. У іх з вычарпальнай паўнатой аўтар выклаў свае погляды і разуменне ім дзяржаўных спраў, паказаў грамадска-палітычныя настроі свайго асяроддзя і тым самым праявіў незвычайны талент перакананага палітыка і патрыёта, занепакоенага лёсам роднага краю. Допісы Кміты-Чарнабыльскага да Валовіча, якія ўключаюць у сябе вобразны расказ аб жыцці і быце служылай шляхты, напісаныя жывой вароднай мовай, служаць пераканаўчым доказам таго, як дзякуючы ўзросшаму мастацкаму майстэрству і павышанай увазе да лёсу канкрэтнай асобы дзелавое пісьменства набывала спецыфічныя рысы славеснага мастацтва. Канкрэтны чалавек з яго зямнымі клопатамі і інтарэсамі паступова станавіўся аб'ектам літаратурнай творчасці.

"Допісы" Кміты-Чарнабыльскага былі прыкметнай з'явай у развіцці беларускай літаратуры ад яе сінкрэтызму да самастойнай формы майстэрства мастацкага слова. Як спецыфічная форма праяўлення гэтага віду пісьменства яны трывала ўвайшлі ў літаратурны ўжытак. Сведчаннем гэтага з'яўляецца шэраг твораў царкоўна-палемічнай публіцыстыкі (напрыклад, лісты Клірыка Астрожскага, Іпація Пацея, Івана Вішанскага, прэсвітэра Андрэя са Слуцка і інш.), а таксама помнікаў палітычнай сатыры ("Ліст да Абуховіча", хадайніцтва мітрапаліта Макарыя, адрасаванае ключніку райскіх варот св. Пятру, за віленскага купца Златовіча і інш.). Напісаныя па свежых слядах гістарычных падзей, "Допісы" Кміты-Чарнабыльскага стаялі ля вытокаў гісторыка-мемуарнай літаратуры.

Грамадска-палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай пачатку XVII ст. характарызуецца вострай антыфеадальнай і нацыянальна-рэлігійнай барацьбой. Пастаянныя нелады ўнутры пануючага класа, частыя войны, адкрытая інтэрвенцыя ў Расію - усё гэта прывяло ў рух велізарныя масы народа. Накопленыя ўражанні пра ўбачанае, пачутае і перажытае былі настолькі ноцнымі, што прымушалі відавочцаў, удзельнікаў падзей брацца за пяро, каб замацаваць іх у аналах гісторыі, не даць ім сцерціся ў памяці нашчадкаў. Менавіта ў гэты перыяд у беларускай літаратуры зараджаецца гісторыка-мемуарная проза, стваральнікамі якой у асноўным былі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. Тады амаль немагчыма было знайсці такой шляхецкай сям'і, у якой не вяліся б свае сямейныя дыярыушы, куды шляхта ўносіла ўспаміны не толькі аб сваім гаспадарчым і асабістым жыцці, але і аб найбольш важных палітычных падзеях у краіне. Аўтары, як правіла, імкнуліся захаваць верагоднасць паведамлення, як мага больш дакладна ўзнавіць факты і падзеі, якія яны тлумачылі і ацэньвалі пад уплывам асабістых уражанняў. Такое жывое, непасрэднае самавыказванне аўтара апавядання надавала запісам характар каштоўнага дакумента свайго часу.

Паказальнымі ў гэтым сэнсе з'яўляюцца мемуары навагрудскага падсудка Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага (1546-1616), працу над якімі ён пачаў у 1603 г., маючы, як відаць, дзённікавыя запісы за папярэднія 40 гадоў. Арыгінал мемуараў захаваўся ў няпоўным аб'ёме: адсутнічае ўступная частка, якая расказвае пра бацькоў мемуарыста. А паколькі апошвія запісы абрываюцца звесткамі за 1604 г., то не выключана, што ў аўтарскім тэксце мог быць і працяг інфармацыі за наступныя гады яшчэ актыўнага грамадскага жыцця Еўлашоўскага. Па часе напісання мемуары Еўлашоўскага, уціснутыя ім у тыповую для летапісаў форму пагадовых запісаў, з'яўляюцца самым раннім помнікам мемуарнага жанру з усіх вядомых нам твораў беларускай літаратуры. Беручыся за напісанне ўспамінаў, Еўлашоўскі імкнуўся выхаваць сваіх дзяцей у духу тых ідэалаў, якімі ён кіраваўся сам у асабістым жыцці. Менавіта гэтым і абумоўлена падрабязнае напісанне ім аўтабіяграфіі, з якой мы даведваемся, што нарадзіўся Еўлашоўскі ў Ляхавічах (цяпер раённы цэнтр Брэсцкай вобласці) у небагатай праваслаўнай шляхецкай сям'і, якая мела маёнтак у Еўлашове. У хатніх умовах ён вывучыў асновы роднай, а таксама польскай і яўрэйскай граматы. Неабходныя веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцьгі ён набыў шляхам самаадукацыі ў працэсе службы пры дварах магнатаў, што дазволіла яму потым з поспехам выступаць у ролі юрыста-адваката па справах знатных паноў у розных судовых інстанцыях. Дзякуючы багатаму практычнаму вопыту адваката Еўлашоўскі набыў аўтарытэт у асяроддзі навагрудскай павятовай шляхты, якая даручыла яму на Варшаўскім вальным сейме 1579 г. прыняць удзел у складанні тэксту важнага дзяржаўна-прававога дакумента - "Трыбунала Вялікага княства Літоўскага". А калі ў земскім навагрудскім судзе аказалася вакантным месца падсудка, яго абралі ў 1592 г. на гэтую пасаду, якую ён займаў да канца свайго жыцця.

Як тыповы прадстаўнік шляхецкага саслоўя, закліканага несці ў дзяржаве ваенную службу, Еўлашоўскі сваё ўступленне ў самастойнае жыццё пачаў з удзелу ў Лівонскай вайне. Аднак, спалохаўшыся цяжкасцей, ён кінуў ваенную службу і пачаў працаваць пры дварах буйных магнатаў. Гэта прынесла яму грамадскае прызнанне і матэрыяльны дастатак. Менавіта дзякуючы таму, што Еўлашоўскі верна і шчыра служыў сваім мецэнатам на працягу ўсяго жыцця, ён быў добра вядомы каралеўскім дварам Жыгімонта Аўгуста і Стафана Баторыя, быў асабіста знаёмы з іх світай, якая лічыла яго сваім чалавекам.

У 57-гадовым узросце Фёдар Еўлашоўскі ўзяўся за пяро, каб расказаць аб пражытым, аб падзеях асабістага і грамадскага жыцця, якія здаваліся яму вартымі ўвагі нашчадкаў. Мемуарыст з замілаваннем расказвае пра шматлікія эпізоды з жыцця дробнай і сярэднепамеснай шляхты Вялікага княства Літоўскага канца XVI - пачатку XVII ст. Ідучы адзін за адным у храналагічным парадку, яны надаюць яго мемуарам характар своеасаблівага зборніка займальных, часамі разгорнутых бытавых навел, у цэнтры якіх заўсёды канкрэтны чалавек. У здольнасці аўтара жыва і маляўніча расказаць аб тым, што яму даводзілася пачуць (напрыклад, аб з'яўленні ў 1595 г. Севярына Налівайкі ў Слуцку, а яго казакоў у Капылі), перажыць (эпізод няўдалай пераправы цераз Нёман, начлег у Дорагаве, забойства яго сыва Яна ў Навагрудку і інш.) або назіраць, заключаецца адна з галоўных вартасцей мемуараў як помніка літаратуры. Пра каго б ці пра што ні пісаў Еўлашоўскі, ён заўсёды імкнуўся надаць свайму паведамленню яркі бытавы каларыт. Адсюль у яго асаблівая схільнасць да дэталі. Трапна заўважаная і ўдала выкарыстаная, яна, як правіла, нясе пэўную сэнсавую нагрузку. У адных выпадках дапамагае адцяніць канкрэтную рысу характару чалавека, у іншых становіцца ядром самога апавядання пра той ці іншы жыццёвы эпізод.

Уваскрашаючы ў памяці хроніку шляхецкага жыцця і паказваючы на гэтым фоне сваіх сучаснікаў, Еўлашоўскі спрабуе пранікнуць у іх псіхалогію і растлумачыць іх учынкі ўмовамі сацыяльнага жыцця таго часу. У яго ўжо выяўляецца імкненне да мастацкага абагульнення сваіх назіранняў пры стварэнні таго ці іншага вобраза. У гзтым плане маюць пэўную цікавасць пададзеныя ў мемуарах вобразы яго жонкі Ганны Балатоўны, княгіні Аляксандры, яе цёткі Таццяны Скумінай і яе мужа Івана Бакі, паноў Глухоўскага, Івана Крачатоўскага, Альбрэхта Бруханскага і інш. Не менш цікавы і вобраз самога мемуарыста, што паўстае перад чытачом перш за ўсё як прыкладны шляхціц, добрапрыстойны сем'янін, які глыбока паважае бацькоў і праяўляе выключны клопат аб сваіх дзецях, братах і сёстрах. Будучы жывым увасабленнем шляхецкай дабрадзейнасці, Еўлашоўскі лёгка сыходзіцца з людзьмі незалежна ад таго, якое становішча яны займаюць у грамадскім жыцці. Далёкі ад палітыкі, ён прымае жыццё такім, якое яно ёсць, бо лічыць яго вынікам праяўлення божай волі. Вось чаму рэлігійнаму па складзе сваіх думак Еўлашоўскаму нават у галаву не прыходзіла паставіць пад сумненне існуючую сістэму грамадскіх адвосін. З гэтай прычыны ён ідэалізаваў феадальную знаць, ганарыўся, што абараняе яе матэрыяльныя інтарэсы. Ён з замілаваннем успамінае пра свае пастаяныя паслугі магнацкаму роду Хадкевічаў і не менш старанную службу на працягу 30 гадоў "у патрэбах" трокскага ваяводы Мікалая Крыштофа Радзівіла, празванага Сіроткам. Еўлашоўскі лічыў, што верная служба сваім гаспадарам - найбольш дзейсны сродак дасягнення высокага становішча ў грамадстве.

Традыцыйны і косны ў грамадскіх поглядах, набожны Еўлашоўскі пры ўсёй сваёй рэлігійнасці не захаваў вернасці праваслаўнаму веравызванню бацькоў. Захапіўшыся ў юнацтве вучэннем пратэстантаў, ён стаў прыхільнікам моднай для таго часу рэлігійнай плыні евангелістаў. Аднак рацыяналізм не пазбавіў яго веры ў рознага роду рэлігійныя забабоны. I ў той жа час, будучы ад прыроды гуманным чалавекам, ён цвёрда прытрымліваўся думкі аб тым, што рознасць веравызнанняў не павінна быць перашкодай ва ўстанаўленні добрых адносін у сямейным, а тым больш у грамадскім жыцці. Вось чаму, будучы сведкам вострай рэлігійнай барацьбы ў канцы XVI ст., Еўлашоўскі з жалем успамінаў пра тыя, паводле яго слоў, залатыя часы, калі рознасць вер не выклікала варожасці "межи свецкими станы".

У сваіх мемуарах Еўлашоўскі не закранаў пытанняў вялікай палітыкі, бо лічыў яе справай кампетэнцыі знатных паноў, абраных Богам. Ён звычайна толькі канстатаваў сам факт, падзею і тут жа падкрэсліваў сваю безуважнасць да яе.

Лічачы сябе патрыётам Вялікага княства Літоўскага, Еўлашоўскі ганарыцца яго дзяржаўнымі дзеячамі. Ён не без злараднасці заўважае, што ў час бескаралеўя польскія паны былі напалоханы магчымасцю адпадзення Вялікага княства Літоўскага ад дзяржаўнага саюза з Польшчай і вельмі баяліся яго збліжэння з рускай дзяржавай. Ён таксама падкрэслівае, што на Варшаўскім вальным сейме 1578 г. маршалкам у пасольскай хаце быў абраны не паляк, а менавіта "наш литвин - Лукаш Болько Свирский". Аднак нягледзячы на свой патрыятызм, Еўлашоўскі не змог устаяць супраць магутнай хвалі паланізацыі, якая ў той час захліснула шляхецкае саслоўе, што адбілася, у прыватнасці, і на мове яго мемуараў, багата перасыпанай паланізмамі.

Амаль адначасова з мемуарамі Фёдара Еўлашоўскага на поўдні Магілёўшчыны ў сяле Баркулабава былі напісаны ўспаміны невядомага нам жыхара той мясцовасці, якія затым увайшлі ў склад мясцовай "Баркулабаўскай хронікі" (прыкладна запісы за 1599-1608 гг.). Яны з'яўляюцца ў ёй значнай і самай цікавай у літаратурных адносінах часткай. Аднак дакладна вычленіць яе з гэтага зводу немагчыма. Па характары выкладання матэрыялу, намаляваных карцінах, па свежасці фарбаў і надзвычай яркіх бытавых дэталях яны ўяўляюць сабою жывыя, эмацыянальна насычаныя ўспаміны аўтара пра толькі што перажытае. Пад пяром мемуарыста яны набывалі форму панарамнага апавядання пра жудасныя гады пачатку XVII ст., калі ў выніку небывалай засухі наступіў страшны голад на беларускай зямлі. Аўтар спачувае "пашникам немаетным", гэта значыць бедным сялянам, якіх страх галоднай смерці зрываў з наседжаных месц і гнаў у невядомыя краі ў пошуках ратунку. Яго шчыра засмучае, што такія ж гарапашныя людзі, якія засталіся на месцах, не маглі нічым дапамагчы гэтаму бясконцаму патоку галадаючых і замярзаючых.

Так падрабязна, грунтоўна апісаць асобныя бакі сялянскага жыцця мог толькі чалавек, які добра ведаў штодзённы быт і звычаі вёскі, якому блізкім было жыццё простага народа. У полі зроку мемуарыста пастаянна знаходзіліся простыя людзі, іх цяжкая праца, сацыяльны быт, эканамічнае становішча, земляробчы каляндар і г. д. Гэта дазволіла яму стварыць шэраг выразных пейзажна-бытавых замалёвак сельскага жыцця.

У адрозненне ад Фёдара Еўлашоўскага баркулабаўскі мемуарыст праяўляў пэўную цікавасць да некаторых з'яў і фактаў грамадска-палітычнага і рэлііійнага жыцця, хоць сам не заўсёды ўлоўліваў іх логіку і сутнасць. Так, у прыватнасці, ён апісвае Брэсцкі царкоўны сабор 1596 г., з'яўленне ў Магілёве казакоў, царкоўных брацтваў. Падрабязна расказвае пра абодвух самазванцаў і характарызуе іх дзеянні, выказваючы пры гэтым свае адмоўныя адносіны да іх. Ваенныя паходы незалежна ад іх характару ён разглядае толькі з пункту гледжання таго, якую шкоду яны прыносілі гаспадарчаму жыццю ў тых мясцінах, дзе адбываліся. Вось чаму ён аднолькава асуджаў і казакоў і салдат дзяржаўнага войска Рэчы Паспалітай. Сімпатыі мемуарыста заўсёды на баку тых, хто станавіўся ахвярай ваенных сутыкненняў і ў полымі баёў губляў нажыты працай набытак. I таму невыпадкова яго расказ аб развязанай першым самазванцам вайне прасякнуты шчырым спачуваннен рускаму народу, у прыватнасці масквічам, якія аказалі ўпартае супраціўленне інтэрвентам. Выкрываючы другога самазванца, які аб'явіўся ў 1607 г. на Магілёўшчыне, падкрэсліваючы сваю непрыязнасць да "фальшывага цара маскоўскага", аўтар з пагардай называе яго "Дзмітрашом". Ён паказвае, што вайна, пачатая авантурыстам з мэтай заваявання царскага трона, была справай рук паноў Рэчы Паспалітай, якія дапамагалі яму спусташаць рускія землі.

У сваіх успамінах летапісец выступае як яркая творчая індывідуальнасць, як прадстаўнік дэмакратычнага напрамку ў беларускай літаратуры XVII ст. Ён быў таленавітым чалавекам і верагодней за ўсё прадстаўніком мясцовага праваслаўнага духавенства. Яго блізкасць да простага народа наклала адбітак на характар мовы, сакавітай, каларытнай, багатай народнай фразеалогіяй.

Распачатая самазванцамі і працягнутая польскім каралём Сігізмундам ІІІ інтэрвенцыя ў Расію знайшла адлюстраванне ў шэрагу помнікаў мемуарнай літаратуры, напісаных беларускімі аўтарамі на польскай мове. Розныя па сваёй ідэйнай накіраванасці, жанры, стылі і мастацкім майстэрстве, але звязаныя адзінствам тэмы, гэтыя помнікі даюць яркае ўяўленне аб тым, як яна падрыхтоўвалася і ажыццяўлялася.

"Дзённік падзей, якія адносяцца да Смутнага часу" (1603-1613 гг.; на польскай мове) значнай часткай належыць пяру мазырскага харунжага Іосіфа Будзілы . У ім шырэй і глыбей, чым у мемуарах іншых яго сучаснікаў, выкладзена гісторыя інтэрвенцыі і паказана, хто канкрэтна ў ёй удзельнічаў. Гэты твор - своеасаблівы летапіс пра ваенныя паходы і бітвы за час ад з'яўлення на палітычнай арэне першага самазванца да разгрому войск інтэрвентаў апалчэннем Мініна і Пажарскага. Уласнае апавяданне Іосіфа Будзілы ў гэтым летапісе пачынаецца з запісу ад 2 верасня 1607 г., гэта значыць з часу яго з'яўлення ў лагеры войск другога самазванца, вядомага ў гісторыі пад мянушкай "тушынскі злодзей". Запісамі Будзілы і завяршаецца гэты помнік. Многія ваенныя эпізоды, апісаныя ў "Дзённіку", пададзены з вялікім майстэрствам. Аўтар валодае дарам апавядальніка, які ўмее зацікавіць чытача сваімі асабістымі назіраннямі, а часам і ўзрушыць уяўленне тымі жахамі, сведкам якіх ён быў сам. Асабліва яркім з'яўляецца тое месца з яго ўспамінаў, дзе размова ідзе аб страшнай карціне голаду ў стане асаджаных у Крамлі інтэрвентаў.

Перыяд польскай шляхецкай інтэрвенцыі знайшоў таксама адлюстрававне ў "Дыярыушы" (на польскай мове) Самуіла Маскевіча , непасрэднага ўдзельніка падзей, апісаных у гэтым высокамастацкім творы. Галоўная ўвага ў ім удзелена ваенным дзеянням. "Дыярыуш" Маскевіча не з'яўляецца дзённікам у поўным сэнсе гэтага слова. Толькі яго кароткія пачатковыя запісы (з 1594 да 1604 г.) сапраўды маюць характар дыярыуша. Абраны ў гэтай частцы мемуараў прынцып падачы інфармацыі па гадах строга вытрыманы. Пасля запісаў 1604 г. летапісная манера выкладання мяняецца. На змену сухой канстатацыі фактаў прыходзіць разгорнутае, эмацыянальна насычанае сюжэтнае апавяданне. Простыя сказы ўступаюць месца сінтаксічна ўскладненым канструкцыям, і сам пераказ перарастае ў прагматычнае паведамленне пра бачанае і перажытае. Пры апісанні падзей аўтар часта то забягае наперад, то вяртаецца назад, парушаючы тым самым храналагічную паслядоўнасць пераказу. Змяшчэнне і паралельная падача аўтарам розных па часе падзей сведчыць аб тым, што "Дыярыуш" Самуіла Маскевіча ствараўся на ўспамінах аб мінулых часах. З гэтай прычыны і сама назва "Дыярыуш" з'яўляецца чыста ўмоўнай, паколькі гэты твор па сваёй жанравай прыродзе - тыповыя мемуары. Вартасць "Дыярыуша" Маскевіча - у аб'ектыўным выкладзе аўтарам сваіх назіранняў. Гаварыць праўду і толькі праўду, няхай нават часам і непрыемную, - вось прынцып, якім кіраваўся Маскевіч. У яго няма прадузятых адносін да тых людзей, аб якіх ён успамінае, незалежна ад таго, былі яны яго сябрамі або ворагамі. Так, падрабязна апісваючы асаду Смаленска, Маскевіч пахвальна адзываецца пра Міхаіла Шэіна як пра арганізатара абароны горада. Ён бачыць у ім перш за ўсё доблеснага воіна, кемлівага і вопытнага военачальніка, адзначае мужнасць і стойкасць абаронцаў горада. I на гэтым фоне падае ў негатыўным плане дзеянні военачальнікаў Рэчы Паспалітай, і ў прыватнасці братоў Патоцкіх, якія ў пагоні за асабістай славай узбунтавалі нават уласнае войска супраць галоўнага камандавання С. Жулкеўскага. У іншым месцы, захапляючыся перамогай над рускімі войскамі ў Клушынскай бітве (1610), якая адкрыла каралеўскім войскам бесперашкодны ўваход у Маскву, Маскевіч паказаў ваенную бяздарнасць Дзмітрыя Шуйскага, які ганебна ўцёк з поля бою, маючы амаль дваццаціразовую перавагу ў жывой сіле. I гэта не адзінкавыя факты непрадузятасці аўтара. Услаўляючы ваенную доблесць войска інтэрвентаў, С. Маскевіч неаднаразова падкрэсліваў дзёрзкую смеласць і гераізм рускіх воінаў, іх патрыятызм і ўпартасць, з якою яны абаранялі сваю сталіцу.

Успаміны аб часе, праведзеным у Расіі, у прыватнасці ў Маскве, - адно з яркіх месц гэтага "Дыярыуша". Аўтар добрасумленна аналізуе складаную ваенна-палітычную сітуацыю ў Расіі, тлумачыць дзеянні розных баярскіх груповак, іх узаемаадносіны паміж сабой і каралеўскім войскам Рэчы Паспалітай. Яму даводзілася раней бываць у такіх вялікіх гарадах, як Рыга, Вільня, Варшава, Львоў і Кракаў, але ні адзін з гэтых гарадоў не здзівіў яго прыгажосцю свайго архітэктурнага аблічча так, як Масква, якая, паводле яго слоў, сапраўды чымсьці нагадвала "трэці Рым". Працяглае знаходжанне ў Маскве, частае наведванне баяр у якасці ганаровага госця або сябра дало Маскевічу магчымасць пазнаёміцца з іх бытам і звычаямі. Асабліва здзіўлялі мемуарыста адсутнасць у рускіх баяр еўрапейскай адукацыі, іх адносіны да жанчын, музыкі і танцаў, характар баярскіх забаў, прыём гасцей і многае іншае, што затым дало яму магчымасць намаляваць яркую карціну Масквы таго часу.

Значнае месца ў "Дыярыушы" Маскевіч удзяліў паказу некаторых рыс жыцця рускага сялянства і яго адносін да інтэрвентаў. Справядліва падкрэсліваў, што выдаткі вайны рабілі жорсткім просты народ і прымушалі яго ўключацца ў барацьбу. Народная помста ў паказе Маскевіча хоць і страшная, але заканамерная як рэакцыя ў адказ на зло, якое прычынялася народу.

Падрабязна апісваючы ўсё ўбачанае і перажытае, Маскевіч адкрыта выказваў свае сімпатыі і антыпатыі, ён гневаўся і захапляўся, здзіўляўся і абураўся, выдаваў кожнаму па яго заслугах. Пры гэтым не шкадаваў ні дзяржаўных мужоў, ні сяброў, ні прыяцеляў, ні нават родзічаў. Крытычным ён быў і ў адносінах да сябе.

У "Дыярыушы" ва ўсёй паўнаце паўстае яркі вобраз самога мемуарыста. Гэта небагаты шляхціц, які яшчэ ў маладыя гады паступіў на ваенную службу ў надзеі выбіцца ў людзі і забяспечыць свой матэрыяльны дабрабыт. Праслужыўшы каля дваццаці гадоў і аб'ездзіўшы Прыбалтыку, Расію і Украіну, ён звольніўся ў чыне палкоўніка. Нягледзячы на сваю сціплую адукацыю, Маскевіч быў інтэлігентным чалавекам. Ён умеў прыстасоўвацца да розных умоў. Адвага і разважлівасць, вясёлы нораў і сяброўскія адносіны да іншых, уменне быць галантным і цікавым кампаньёнам здабылі яму павагу не толькі сярод шляхты, але нават і арыстакратыі. Як чалавек свецкага ладу жыцця С. Маскевіч быў індыферэнтным да рэлігіі. Абмежаваны вузкасаслоўнымі, каставымі ўяўленнямі засцянковай шляхты, ён клапаціўся толькі аб сваім матэрыяльным дабрабыце, а вырашэнне пытанняў вялікай палітыкі пакідаў магнатам.

Цікавым помнікам, які адлюстраваў падзеі нацыянальна-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, з'яўляецца "Дыярыуш" сына Самуіла Маскевіча - Багуслава Маскевіча, непасрэднага ўдзельніка карных экспедыцый спачатку ў войску Іераміі Вішнявецкага на Украіне, а потым у войску Януша Радзівіла ў Беларусі. Гэты "Дыярыуш" пачынаецца з кароткіх аўтабіяграфічных запісаў за 1643 г. і абрываецца апісаннем падзей 1649 г. Значнае месца ў творы адводзіцца апісанню падзей, якія папярэднічалі паўстанню Багдана Хмяльніцкага, паказу жыцця магнацкага двара Іераміі Вішнявецкага і інш. Усё гэта служыць толькі пралогам да той асноўнай часткі "Дыярыуша", якая прысвечана апісанню пачатку і ходу нацыянальна-вызваленчай вайны. Трэба падкрэсліць, што Багуслаў Маскевіч, як і яго бацька Самуіл Маскевіч, праявіў не толькі ўменне назіраць, але і дакладна, а часта і вобразна перадаваць убачанае, пачутае і перажытае. Сведчаннем таго служыць у "Дыярыушы" апісанне Запарожскай Сечы, украінскага стэпу, разгрому Хмяльніцкім польскага войска пад камандаваннем Мікалая Патоцкага і Марціна Каліноўскага, падаўлення паўстання ў Мазыры і г. д. У яго "Дыярыушы" ёсць нямала добра выпісаных батальных сцэн, партрэтных і пейзажных замалёвак, тонкіх назіранняў, праўдзіва апісаных падзей і паводзін людзей ва ўмовах вайны, іх узаемаадносін. Аўтар паказвае вайну з усёю яе жорсткасцю, разарэннямі і незлічонымі ахвярамі. Асабліва ярка і праўдзіва паказаны карціны злачынстваў, учыненых у Мазыры, Бабруйску і пад Рэчыцай. Аднак палітычныя сімпатыі Б. Маскевіча на баку шляхецкай Рэчы Паспалітай, а не паўстаўшага народа, які, на думку мемуарыста, падрываў адзінства гэтай дзяржавы.

Разнастайныя падзеі грамадска-палітычнага і ваеннага характару, розныя бакі жыцця дробнай і буйной шляхты Беларусі XVII і XVIII ст. знайшлі адлюстраванне і ў шэрагу іншых, часам менш значных у літаратурных адносінах творах гісторыка-мемуарнай прозы, у якой асвятляліся, напрыклад, перыяды казацкіх паўстанняў, руска-польскай вайны 1654-1667 гг., дзяржаўна-палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай пазнейшага часу. З гэтага пункту погляду ўяўляюць цікавасць "Дыярыушы" сямейства Абуховічаў і іншых прадстаўнікоў мясцовай служылай шляхты рознага рангу, у якіх ярка адлюстраваліся іх класавыя пазіцыі. Так, у прыватнасці, у "Дыярыушы" Піліпа Казіміра Абуховіча , які ахоплівае падзеі грамадска-палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай за перыяд ад 1630 да 1654 г., досыць выразна відаць пазіцыя мемуарыста, буйнога акаталічанага феадала, заклапочанага ўнутраным неспакоем, выкліканым ростам і ўзмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху, ініцыятыва якога зыходзіла ад патрыятычна настроеных запарожскіх казакоў. Для яго, як і для іншых прадстаўнікоў яго класа, надзеленых правам голасу і пэўным матэрыяльным дастаткам, выступленне казакоў і простага люду за свае жыццёвыя і рэлігійна-культурныя інтарэсы было варожым, а таму класіфікавалася не інакш як занадта небяспечнае свавольства, супраць якога, на думку Абуховіча, трэба змагацца самымі рашучымі мерамі, як гэта і было зроблена пры падаўленні ў 1635 г. паўстання Сулімы. Як заўзяты католік Абуховіч не лічыўся з рэлігійнымі інтарэсамі кальвіністаў і таму вітаў самы жорсткі разгром іх абшчыны ў 1640 г. у Вільні. Рашуча асуджаў Абуховіч і паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, называючы яго "сялянскім самаўпраўствам", якое памнажалася кожны дзень і прыносіла неймаверную шкоду шляхецкай Рэчы Паспалітай (рабаванні, папялішчы), прычым усё гэта рабілася ў саюзе з варожымі ёй шматлікімі татарскімі ордамі, што шукалі тут для сябе лёгкай нажывы.

Вялікую гісторыка-пазнавальную цікавасць мае "Дыярыуш" беларускага шляхціца Адама Каменскага-Длужыка , які трапіў у канцы 1657 г. у рускі палон і вымераў крокамі Расію ад Масквы і да ўсходняга Прымор'я. У сваіх успамінах, напісаных у форме дарожных нататкаў, ён праяўляе тонкую назіральнасць, цвярозы погляд на жыццё, аб якім расказвае ярка, а месцамі і з гумарам. На доўгім шляху нявольніка ў далёкі Якуцк, а адтуль у Запаляр'е і Прымор'е ў якасці зборшчыка ясаку Адам Каменскі-Длужык цікавіўся літаральна ўсім: адлегласцю паміж гарадамі і населенымі пунктамі, іх эканамічным становішчам і геаграфічным размяшчэннем, флорай і фаунай, жыццём, бытам і норавамі мясцовых жыхароў і г. д. Ён сімпатызуе абарыгенам, нягледзячы на іх язычніцкі лад жыцця і нізкі культурны ўзровень. Асабліва добра гаворыць аб прыангарскіх тунгусах: падкрэслівае іх гасціннасць, смеласць і вынослівасць, спрытнасць і вынаходлівасць. Усё гэта робіць "Дыярыуш" А. Каменскага-Длужыка каштоўным помнікам мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст., у якім упершыню пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Далёкага Усходу знайшлі сваё яркае адлюстраванне.

Пэўнае гісторыка-літаратурнае значэнне мае і сямейная хроніка Яна Цадроўскага , які ў 1637 г. у свіце Багуслава Радзівіла наведаў Галандыю, Францыю і Англію, а потым у 1641 г. зрабіў паўторную, поўную няўдалых прыгод паездку ў Галандыю. Даволі ярка ў гэтым творы пададзена карціна страшэннага голаду, які абрушыўся на Піншчыну ў 1656 г., і апавяданне аб тым, як інертны ў палітычных адносінах Цадроўскі быў уцягнуты ў шляхецкую змову ў Мінску супраць рускага войска. Але асабліва каларытна і па-мастацку праўдзіва апісана ім карціна пагрому езуітамі пратэстанцкай абшчыны ў Вільні ў 1682 г. Гранічна выразная, яна ўзрушае сваім трагізмам і тым вандалізмам, які праявілі тады езуіты ў адносінах да пратэстантаў.

пісьменніцтва літаратура гістарычная мемуарная

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мысліцелі і асветнікі Беларусі (X-XIX стагоддзі): Энцыклапедычны даведнік - Мн., 1995.

2. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча - Мн., 1985; 4-е выд., 1998.

3. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т.1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. - Мн., 1968.

4. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т.1. Даўняя літаратура: ХІ - першая палова ХVІІІ стагоддзя - Мн., 2006.